РАЗА́НСКАЕ КНЯ́СТВА,
сярэдневяковая рус. дзяржава ў сярэднім цячэнні р. Ака і ў вярхоўях Дона ў 1129—1521. Вылучылася з Чарнігаўскага княства. Цэнтр — г. Старая Разань, з сярэдзіны 14 ст. — г. Пераяслаўль-Разанскі (сучасная Разань). У 1237 і 1239 спустошана мангола-татарамі і трапіла ў залежнасць ад Залатой Арды. Да пач. 15 ст. часта варагавала з Маскоўскім вял. княствам, уступала ў саюзы з мангола-тат. ханамі і ВКЛ, да якога пры Вітаўце трапіла ў часовую залежнасць (з 1427). З сярэдзіны 15 ст. ў залежнасці ад Маскоўскага вял. княства, да якога далучана ў 1521.
т. 13, с. 252
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)